


Мастацкі музей выклаў відэаэкскурсію і 3D-тур па выставе да 100-годдзя беларускага музея Івана Луцкевіча
У 2021 годзе адзначаўся юбілей 100-годдзя з дня заснавання Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча. Гэтая значная падзея ў культурным і музейным жыцці Беларусі стала нагодай для правядзення выставачнага праекта ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у кастрычніку — снежні 2021 г. Выставу можна наведаць і сёння, дзякуючы сучасным тэхналогіям — Мастацкі музей выклаў у вольны доступ відэаэкскурсію і 3D-тур па выставе. |
|
3D-тур можна паглядзець па спасылцы. Відэаэкскурсію і 3D-тур музей падрыхтаваў супольна з клубам інтэлектуальнага вольнага часу «Факультатыў». |

( Руская ) Этого нельзя забыть: в Витебске открылась выставка о геноциде белорусского народа в годы Великой Отечественной войны

Крах калгаса Ільіча і помнік з дэтэктыўнай гісторыяй. Пабывалі на радзіме аўтара славутай паэмы «Тарас на Парнасе»
«Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса, Што палясоўшчыкам служыў? На Пуцявішчы, у Панаса, Ён там ля лазні блізка жыў». Гэтыя радкі невялікай паэмы «Тарас на Парнасе» цудоўна ведаюць некалькі пакаленняў беларусаў. Яе некалі перапісвалі ад рукі, вучылі на памяць у школах, пераказвалі і рабілі па ёй тэатральныя пастаноўкі. Доўгі час многія лічылі гэты жартаўлівы твор ананімным, народным, і толькі ў 1970-х спецыялісты вызначылі, што ў яго ёсць сапраўдны аўтар — былы прыгонны селянін Канстанцін Вераніцын. Мы пагутарылі пра пісьменніка з экспертамі, з’ездзілі на ягоную радзіму ў Гарадоцкі раён, убачылі родную вёску Вераніцына і даведаліся, як шануюць аўтара знакамітай паэмы.
«Ні адзін беларускамоўны твор не быў такім папулярным, як „Тарас на Парнасе“»
Вершаваную гісторыю пра палясоўшчыка Тараса ўпершыню надрукавалі ў газеце «Мінскі лісток» у 1889 годзе. Галоўны герой твора пасля сустрэчы з мядзведзем нечакана патрапіў на гару Парнас і ўбачыў жыццё антычных багоў, якія пілі гарэлку, елі беларускія стравы (капусту, жур, крупнік) і нават танчылі некалі папулярную «мяцеліцу». Зразумелы гумар і падабенства з беларускім побытам прывялі да нечуванага эфекту. Паэму пачалі перадрукоўваць выданні розных гарадоў, у 1896-м «Тараса на Парнасе» выдалі ў Віцебску асобнай кніжачкай, а праз 13 год — у славутай друкарні Марціна Кухты ў Вільні, які выдаваў паэзію Багдановіча, Цёткі і Коласа.
Так паэма ператварылася ў сапраўдны хіт, адзін з самых чытаных беларусамі тагачасных твораў, які ў тым ліку паўплываў на станаўленне беларускай літаратуры.
— Напярэдадні нашаніўскага перыяду ні адзін беларускамоўны твор не быў такім папулярным, як «Тарас на Парнасе», — падкрэслівае перакладчык, даследчык беларускай літаратуры Антон Францішак Брыль. — Нашую школьную класіку збольшага пісалі людзі, якія чыталі «Тараса», і для людзей, якія таксама чыталі «Тараса».
Парадокс. Паэму ведалі многія, але дакладна назваць прозвішча аўтара ніхто не мог. З-за гэтага аўтарства прыпісвалі і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, і Арцёму Вярызе-Дарэўскаму, і Вікенцію Равінскаму, і нават бегламу дзекабрысту Яўхіму Крупеньку.
Спрэчкі вяліся доўга, пакуль наш славуты літаратуразнаўца Генадзь Кісялёў не даведаўся ад паэта Максіма Лужаніна пра ўспаміны беларускага эмігранта Антона Адамовіча. Той да вайны вучыўся ў БДУ і прыгадваў, як выкладчык літаратуры Міхаіл Піятуховіч дэманстраваў рукапісную копію «Тараса на Парнасе», дзе аўтарам значыўся нікому не вядомы Канстанцін Вераніцын. Кісялёў пачаў працаваць з архівамі і ў выніку даведаўся, што гэта рэальны чалавек, які нарадзіўся ў 1834-м у вёсцы Астраўляны пад Гарадком. Ён быў прыгонным селянінам у тамтэйшага памешчыка Васіля Бондырава, але з яго дапамогай здолеў атрымаць добрую адукацыю. Ёсць версія, што Канстанцін быў пазашлюбным сынам Бондырава ад сялянкі і такім чынам памешчык спрабаваў яму дапамагчы.
— І гэта цалкам магчыма, — сцвярджае Антон Францішак. — Такую здагадку агучваў усур’ёз і Генадзь Кісялёў, найбольш значны даследчык біяграфіі Вераніцына. Даўно прыцягвала ўвагу, што Бондыравы паклапаціліся пра добрую адукацыю для вольнаадпушчанага сялянскага хлопчыка. Менавіта яны ўладкоўвалі Вераніцына ў Віцебскую гімназію.
Калі да гэтага дадаць, што па бацьку ён быў Васільевіч, а пана Бондырава звалі Васілём, то зразумела, адкуль бяруцца падазрэнні.
З маіх нядаўніх росшукаў робіцца бачна, што ў Вераніцына былі брат і сястра, прычым іх мы таксама бачым вольнымі яшчэ да адмены прыгону, а брата — выдатна адукаваным. Гэта таксама пацвярджае агучаную версію. Такое тлумачэнне, вядома, не адзінае магчымае, але калі знойдуцца ў працоўных паперах метрычныя пасведчанні Канстанціна ці яго брата Івана і акажацца, што маці нарадзіла іх па-за шлюбам, то гіпотэзу пра бацькоўства Бондырава трэба будзе прымаць за асноўную.
Спачатку Вераніцын вучыўся ў Гарадку, потым — у Віцебску, Пецярбурзе, земляробчым інстытуце ў Горках, які скончыў на выдатна. Пэўны час працаваў настаўнікам у Маладзечне, а пасля зрабіў выдатную кар’еру чыноўніка ў Пецярбурзе — у Міністэрстве шляхоў зносін. У 1900-м сышоў у адстаўку ў чыне стацкага саветніка, а праз тры гады, як атрымалася ўстанавіць Брылю, памёр ад кровазліцця ў мозг у прыгарадным дачным пасёлку Лясное, куды сям’я, відаць, з’язджала на зімоўку. Яму было 69 гадоў.
Да сваёй смерці ў ніводным выданні пісьменнік дакументальна не пацвердзіў, што з’яўляецца аўтарам «Тараса на Парнасе». І некаторых даследчыкаў дагэтуль непакоіць пытанне, чаму Вераніцын так маўкліва пазіраў на тое, як ягоны твор становіцца папулярным без аніякай згадкі пра аўтара. Магчыма, баяўся за сваю кар’еру, а можа, проста быў даволі сціплым чалавекам.
— На такое пытанне акурат вельмі цяжка адказаць, нічога не ведаючы пра характар чалавека, — разважае эксперт. — Мы можам уяўляць рознае. Напрыклад, што ён проста не любіў публічнасць альбо што зрабіўся з узростам больш суровым чалавекам і яму ўжо самому не падабаліся легкадумныя вершы маладосці. Але папраўдзе, мы проста не ведаем, што там рабілася ў ягонай галаве.
На жаль, наведаць магілу Вераніцына немагчыма. Мітрафаніеўскія могілкі, дзе пахавалі пісьменніка, знішчылі ў Пецярбурзе яшчэ да вайны. Але на поўначы Беларусі захаваліся мясціны, звязаныя з Канстанцінам. Туды мы і накіраваліся.
Вёска Астраўляны пад Гарадком, дзе нарадзіўся Вераніцын, існуе дагэтуль. Праўда, знаходзіцца ўбаку ад ажыўленай віцебскай дарогі, і даедзе сюды далёка не кожны фанат літаратуры. Прасцей, безумоўна, скарыстацца аўто і навігатарам, аднак можна падсесці і на прыгарадны аўтобус, які курсуе ад райцэнтра.
Пра Астраўляны час ад часу расказваюць прыгожую легенду. Нібыта назва вёскі пайшла ад вострава на мясцовым возеры, які калісьці назвалі Лянэ — у гонар дачкі землеўладальніка. Аднак эстэтыка тут сёння існуе толькі ў легендах, у самім жа населеным пункце пануе суровая рэчаіснасць. Астраўляны — звычайная беларуская вёска з савецкім бэкграўндам, які зруйнаваў час. Некалі тут існаваў буйны і вядомы ў раёне калгас імя Леніна, але сёння ад памяшканняў гаспадаркі засталіся толькі каркасы і друз. У цэнтры Астраўлянаў мы пабачылі дагледжаны, дзіўным чынам пафарбаваны помнік савецкаму салдату.
А яшчэ — стары абшарпаны прыпынак і памятную таблічку на валуне паміж бярозамі. Яна паведамляе, што менавіта тут нарадзіўся аўтар паэмы «Тарас на Парнасе».
Дзе тут мог жыць Вераніцын — уявіць складана. Ад панскіх пабудоў, на жаль, відавочных слядоў не засталося. Па дапамогу мы вырашылі звярнуцца ў мясцовы клуб, да якога вядзе вуліца з характэрнай назвай Клубная. Але ў выніку ўбачылі перад сабой абнесены плотам пусты двухпавярховік.
На закрытай пляцоўцы ляжалі аўтамабільныя шыны, а налепка на веснічках папярэджвала пра відэаназіранне. Як аказалася, чатыры гады таму будынак, дзе месціліся клуб, бібліятэка, адміністрацыя калгаса, выкупілі гаспадары мясцовай аграсядзібы, але пакуль, відаць, так і не вырашылі, як яго выкарыстоўваць.
На фоне старых і пабітых часам вёсак суседні райцэнтр Гарадок выглядае зусім іначай. У 2014-м тут праводзілі абласныя Дажынкі, таму напярэдадні свята навялі сур’ёзны марафет: адрамантавалі цэнтральныя вуліцы, плошчу, стадыён, аўтавакзал і воданапорную вежу, якая лічыцца сімвалам горада. Мястэчка стала выглядаць сапраўды прывабна.
У той час у Гарадку нават устанавілі помнік Тарасу з паэмы Вераніцына. З гэтым помнікам звязана амаль дэтэктыўная гісторыя. На сваім месцы ў скверыку Тарас прастаяў колькі месяцаў, а пасля нечакана знік. Мясцовыя жыхары, зразумела, здзівіліся і занепакоіліся. Ну пагадзіцеся, не кожны ж дзень у гарадах знікаюць помнікі. А сталася так, што разлічыцца за манумент у Гарадку не знайшлося сродкаў, і вытворцы забралі скульптуру. Але сітуацыю атрымалася выправіць. Вярнуць Тараса ў Гарадок дапамог расійскі сельскагаспадарчы канцэрн «Детскосельский», які на тэрыторыі раёна мае свой філіял.
Помнік сапраўды выглядае цікава. Тарас тут нагадвае тыповага беларуса, які матэрыялізаваўся з літаратурнага твора. Праўда, манумент чамусьці пафарбавалі ў чорны колер, а з адваротнага боку змясцілі пераклад першых радкоў паэмы на англійскую мову.
Вуліцы Вераніцына ў Гарадку пакуль няма, але пра пісьменніка і ягоны твор нагадвае памятны знак, які ўстанавілі каля краязнаўчага музея на гарадской плошчы.
Будынак музея з флюгерам і невялічкай вежай на фоне звычайнай савецкай архітэктуры выглядае вельмі эстэтычна.
Экспазіцыя ў музеі даволі разнастайная. Тут табе і косткі маманта, і прылады з езярышчанскай метэастанцыі, дзе зімой фіксуюць самыя нізкія тэмпературы ў Беларусі, і старыя строі з мясцовага камбіната бытавога абслугоўвання, якія калісьці вазілі прадаваць у суседнюю Расію.
Пра Вераніцына тут таксама гатовы распавесці падрабязна.
— Калі я вучылася ў школе, мы, безумоўна, вывучалі «Тараса на Парнасе», — кажа навуковы супрацоўнік музея Ларыса Лявонава. — Але прозвішча аўтара ў Гарадку ніхто не ведаў і нічога пра Вераніцына не чуў. Паэма лічылася народнай і з дужа рэвалюцыйным зместам. Зазірнём у твор. Звычайны палясоўшчык Тарас трапляе на Парнас і паводзіць сябе з багамі не як прыгонны селянін, ён з імі размаўляе на роўных. І гэта было напісана ў той час, калі яшчэ існавала прыгоннае права, а грамадства выразна падзялялася на знаць і сялян.
Пра тое, што пад Гарадком нарадзіўся аўтар славутай паэмы, тут даведаліся толькі ў другой палове мінулага стагоддзя, калі згаданы ўжо літаратуразнаўца Генадзь Кісялёў пачаў пісаць лісты ў музей, спрабуючы знайсці хоць нейкую інфармацыю пра Вераніцына на ягонай радзіме.
— І з часам у Гарадку пачалі праводзіць Вераніцынскія чытанні. А сёння «Тарас на Парнасе» стаў брэндам нашага раёна, і стварылі яго самі жыхары, — працягвае суразмоўніца. — З 1998 года ў нас праходзіць свята паэзіі «Гарадоцкі Парнас», у якім удзельнічаюць пісьменнікі, літаратуразнаўцы. У рамках свята выступаюць таксама самадзейныя калектывы з раёна і Расіі, ладзяцца кірмашы…
Пры жыцці Вераніцын не выхваляўся сваімі літаратурнымі талентамі і не пакінуў пасля сябе нічога. Ні асабістых рэчаў, ні фотакартак, ні лістоў… Адзіная выява пісьменніка — малюнак, створаны ілюстратарам і мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім. Таму экспазіцыю, прысвечаную Канстанціну, складаюць пераважна кнігі, копіі дакументаў і лісты навукоўцаў. Як вядома, Вераніцын быў жанаты на жыхарцы Пецярбурга Елізавеце Поль, але дзяцей у іх не было, спадчыннікаў пасля сябе яны не пакінулі, таму з меркаванымі сваякамі музей сувязі не мае. А вось з памешчыкам Бондыравым склалася цікавая гісторыя.
Гадоў дзесяць таму з Масквы прыйшоў ліст ад меркаваных сваякоў пана Васіля, а ў 1998-м вёску Астраўляны з дэлегацыяй наведаў славуты расійскі акіянограф Артур Чылінгароў. Вядома, што ў Гарадку нарадзілася ягоная маці, і тыя самыя Бондыравы, якія жылі пад Гарадком, з’яўляюцца ягонымі родзічамі па мацярынскай лініі.
З мясцовымі адрасамі, якія могуць быць звязаныя з Вераніцыным, справа асобная. Па словах Ларысы Лявонавай, у пазамінулым стагоддзі Гарадок быў невялічкім павятовым горадам Віцебскай губерні па дарозе на Санкт-Пецярбург. Вялікі працэнт насельніцтва складалі яўрэі. У горадзе было шмат сінагог, аднак пасля рэвалюцыі іх знішчылі бальшавікі, і ад яўрэяў, па словах навуковага супрацоўніка, тут засталіся толькі вялікія старадаўнія могілкі, раскінутыя на пагорку недалёка ад стадыёна.
Каб дабрацца да іх, прыйшлося нямала пагойсаць па гарадоцкіх пагорках. Па-першае, могілкі адсутнічаюць на Google Maps, а па-другое, з берагоў выйшла невялікая рачулка Гараджанка, якая ў пэўны момант проста перагарадзіла нам шлях.
У Гарадку, дарэчы, нарадзіўся і вучыўся яўрэйскі пісьменнік Цодзік Даўгапольскі, ілюстрацыі да твораў якога калісьці ствараў знакаміты авангардыст Эль Лісіцкі. У мястэчку жылі таксама сваякі Марка Шагала. Тут яны і пахаваныя — на гэтым чыстым і дагледжаным некропалі, які, між іншым, і дагэтуль лічыцца дзейным.
У Гарадку раней была амаль выключна драўляная забудова. У часы Другой сусветнай за райцэнтр вяліся даволі сур’ёзныя баі, і значная частка будынкаў была знішчана, горад пасля вайны адбудоўвалі.
Пра пазамінулае стагоддзе ў Гарадку сведчаць толькі некалькі дамоў, і пра адзін з іх Вераніцын ведаў дакладна. Гаворка пра аднапавярховую паштовую станцыю, датаваную сярэдзінай XIX ст. Яна месціцца на выездзе з горада ў бок расійскай мяжы, і, хто ведае, можа, якраз адсюль Канстанцін адпраўляўся ў Пецярбург. Тут мажліва было б адкрыць музей ці галерэю, але былую пошту перадалі праваслаўнай царкве, і ў Гарадку з’явіўся яшчэ адзін храм. Выглядае ён вось такім чынам.
«Тараса» ў Гарадку не купіш — няма кнігарні
Але вернемся да «Тараса на Парнасе». Набыць твор Вераніцына ў Гарадку — задача няпростая. Кніжная крама тут не працуе, у газетных кіёсках кніг няма. На дапамогу зноў можа прыйсці музей, які выдаў акуратныя самаробныя кніжачкі з паэмай. Іх у музеі не прадаюць, але могуць падараваць ці ўручыць у якасці прыза за перамогу ў якім-небудзь конкурсе. Прапаноўваюць тут нават размалёўкі-антыстрэс.
Наогул для прасоўвання свайго героя ў Гарадку — прастор шырокі. Можна было б лёгка ў гонар Вераніцына назваць вуліцу ці прыдумаць якую-небудзь «Тарасаву карчму». Тым больш разнастайныя нагоды, звязаныя з Канстанцінам, узнікаюць ледзь не штогод. У 2019-м Антон Францішак Брыль у старадаўніх пецярбургскіх газетах знайшоў некралог Вераніцына і ўстанавіў дакладную дату смерці пісьменніка, а цяпер падрыхтаваў тэкст пра яго сваякоў.
— У гэтым месяцы акурат выйшаў мой новы артыкул пра сямейныя сувязі Вераніцына: пра яго жонку, брата, сястру і пляменнікаў. Пасля я часова пакіну гэтую тэму ў спакоі, — кажа даследчык. — Думаецца, што свежым вокам праз пэўны час можна будзе заўважыць нешта новае. Найбольш, вядома, хацелася б знайсці нейкія яго прыватныя лісты ці згадкі аб ім у чыіх-небудзь успамінах.
Автор: Тарас Щирый. Фото: Максим Малиновский

Гадавіна паэмы “Тарас на Парнасе”. Лёс Канстанціна Вераніцына — люстэрка беларускага Адраджэння…
15 красавіка ў 1855 годзе Канстанцін Вераніцын у Гарадку на Віцебшчыне завяршыў працу над паэмай «Тарас на Парнасе», якая пасьля будзе доўгі час лічыцца ананімнай. Імя Вераніцына ў 1973 годзе адкрыў Генадзь Кісялёў, а ў 1986 годзе Віталю Скалабану удалося знайсьці аўтарскі асобнік паэмы..
Гэты асобнік быў знойдзены ў асабістым архіве архіве літаратуразнаўца В. Мачульскага, дзе ў рукапісах А. Рыпінскага было пазначана: “Канстанцін Вераніцын, 15 красавіка 1855 г., г. Гарадок”.
Прапануем вашай увазе артыкул з тарасазнаўчых чытанняў, якія ладзіліся ў Гарадку на мяжы двух стагоддзяў з 1997 году па 2003 год…
На самага Кузьму-Дзем’яна…
13 лістапада 1973 года ў чытальнай зале Цэнтральнага гістарычнага архіва Беларусі Генадзь Васільевіч Кісялёў знайшоў у дакументах Горы-Горацкага земляробчага інстытута матэрыял аб Канстанціне Вераніцыне.
Так у беларускім літаратуразнаўстве было даказана існаванне асобы, якую Аляксандр Рыпінскі, Міхаіл Піятуховіч лічылі аўтарам шэдэўра беларускай паэзіі XIX стагоддзя: паэмы «Тарас на Парнасе». Адкрыццё Г.Кісялёва стала вырашаль-ным этапам у пошуках аўтара знакамітай паэмы XIX ст. Гэта дата стала пачатковай кропкай у распрацоўцы пануючай сёння сярод літаратуразнаўцаў версііаб прыналежнасці паэмы «Тарас на Парнасе» пяру Канстанціна Вераніцына, ураджэнца в. Астраўляне Гарадоцкага раёна. Менавіта так: «Канстанцін Вераніцын. 15 красавіка 1855 г. г. Гарадок» пазначана аўтарства паэмы ў сшытках паэта і фалькларыста Аляксандра Рыпінскага, якія ў 1929 годзе трапілі да прафесара БДУ М. Піятуховіча. Прафесар Піятуховіч падрыхтаваў працу «Рукапісы А.Рыпінскага», але надрукаваць яе не паспеў, трапіўшы пад хвалю сталінскіх рэпрэсій. Праца знікла і толькі ў 1986 годзе навуковец Віталь Скалабан знайшоў, а дырэктар Цэнтральнага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Сурмач атрымала архіўныя матэрыялы даследчыка беларус-кай літаратуры 20-х гадоў Васіля Мачульскага, дзе знаходзілася падрыхтаваная да друку праца Піятуховіча.
На працягу шматгадовых даследаванняў Генадзь Кісялёў аднавіў біяграфію невядомага паэта, асоба якога была «тэрра інкогніта» на пачатку 70-х гадоў. Гэта унікальны выпадак у сусветным літаратура-знаўстве, калі больш чым праз стагоддзе пасля напісання твора адшукваецца аўтар, пра якога не ведалі раней. Гэта ўнікальны выпадак для беларускай літаратуры, якую пакуль значная частка грамадства лічыць папялушкай сярод славянскіх літаратур.
Але ўнікальнасць адкрыцця сімвалічная, як датай, так і асобай даследчыка. Чытачы добра ведаюць радкі славутай паэмы:
На самага Кузьму-Дзем ‘яна
Пайшоў я ў пушчу паміж мхоў… –
так Тарас кажа аб часе свайго падарожжа. Свята Кузьмы і Дзем’яна ў народзе адзначаюць 14 лістапада, як свята кавалёў – Кузьмы і Дзем’яна. Пра гэты дзень казалі: «Кузьмінкі – па восені памінкі. Не закаваць зіме ракі без Кузьмы і Дзем’яна. Кузьма і Дзем’ян закуе, а Міхайла раскуе. Дзем’янаў шлях – не шлях, а толькі зімы ростань». Існуе прыкмета – на Кузьму лісце на дрэвах трымаецца – год неўраджайны будзе.
I менавіта амаль на Кузьму-Дзем’яна шаноўны Генадзь Васільевіч зрабіў сваё адкрыццё. Зрабіў магчыма таму, што мае Дзядоў – продкаў з пад самага Пуцявішча, адкуль пачаў падарожжа Тарас! Гэта так. Дзед Генадзя Кісялёва – Мікалай Дзмітрачэнка, або Дзмітрыеў родам з вёскі Сквірь. Вёска Сквірь, паводле кнігі А.Сапунова «Сгшсок населённых мест Внтебской губерннй», якую мае Віцебскі абласны дзяржаўны архіў, належала да Пестуніцкай сельскай абшчыны. А вёска Пуцявішча, дзе ля лазні жыў Тарас, размешчана ў дзвюх вярстах ад Пестуніцы. У гэтым мы пераканаліся з вядомым віцебскім краязнаўцам Міколам Плавінскім, калі ў чэрвені наведалі селішча Пуцявішча, каля вёскі Міхалі, што ў 12 км. ад Віцебска. Вось так – у часе і месце судакрануліся асобы героя паэмы і яго шаноўнага даследчыка!
Жыццяпіс Канстанціна Вераніцына
Чырвоная дата ў тарасазнаўстве стала пачаткам пошукаў у архівах Мінска, Вільні, Масквы, Санкт-Пецярбурга матэрыялаў біяграфіі рэальнага К.Вераніцына. Генадзь Кісялёў аднавіў арыгінальную біяграфію паэта, апісаў яе ў грунтоўных кнігах «Пошукі імя», «Разыскивается классик…», «Ад Чачота да Багушэвіча», “Жылі-былі класікі”
Канстанцін Васільевіч Вераніцын (спачатку яго прозвішча было Васільеў) паходзіў з прыгонных сялян в. Астраўляне Віцебскага павета ( сёння Гарадоцкі раён). Нарадзіўся 1 чэрвеня 1834 г. У 1844 годзе скончыў Гарадоцкае прыходскае вучылішча. У наступным годзе атрымаў вольную і паступіў у Віцебскую гімназію. У 1851 г. прыпісаўся ў гарадоцкія мяшчане і выбраў прозвішча «Вераніцын». У 1852 г. пакінуў, не давучыўшыся, гімназію і паступіў у Пецяр-бургскую медыка-хірургічную акадэмію. У 1857 г. ўпарты разначынец як стыпендыят Вольнага эканамічнага таварыства паступіў у Горы-горацкі земляробчы інстытут адразу на III курс. За два гады бліскуча скончыў інстытут са званнем кандыдата агранаміі, абараніўшы дысертацыю «О белорусском хозяйстве».
Потым кіраваў недзе прыватным маёнткам, спрабаваў уладкавацца на дзяржслужбу ў Магілёўскую губернію. Служыў у Галоўным таварыстве расійскіх чыгунак. У 1874-1879 г.г. – настаўнік геаграфгі і прыродазнаўства ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. 3 1880 г. – чыноўнік у Пецярбургу, ў апараце Міністэрства шляхоў зносін. У 1900 годзе пайшоў у адстаўку стацкім саветнікам. Пражываў у доме па Паварскім завулку №13, дзе ў розныя часы жылі Тургенеў, Некрасаў, Чарнышэўскі. Памёр каля 1904 г.(рэд. дакладна 13 жніўня 1903 г.)
Генадзь Кісялёў слушна заўважае: «Для яго (К.Вераніцына – аўт.) жыццяпісу характэрна тое, што і для самой паэмы – сінтэз, зліццё беларускай народнай стыхіі з рускай кніжнай культурай. Гэта здольны чалавек з народа, якому, насуперак усім перашкодам, удалося атрымаць адукацыю. Выхадзец з ніжэйшых пластоў зняволенага сялянства, былы прыгонны добра ведаў душу, мову, побыт народа.»
Як адзначалася, другі этап у даследванні версіі на карысць Вераніцына пачаўся ў 1986 годзе, калі знайшлася праца М.Піятухо-віча «Рукапісы А.Рыпінскага». Даследчыкі атрымалі падпісаны імем Вераніцына тэкст «Тараса на Парнасе» і другі твор пад гэтым жа прозвішчам – паэму «Два д’яблы» з паметай «Масква. 7 красавіка. 1860 г.».
Лінгваматэматычная экспертыза А. Дземчанкі засведчыла, што дзве паэмы напісаны адным і тым жа аўтарам. I калі верыць А.Рыпінскаму, то менавіта К.Вераніцын – класік беларускай літаратуры XIX ст., аўтар паэм «Тарас на Парнасе», «Два д’яблы».
У гэта верыцца лёгка, бо Вераніцын паходзіў з самых народных мас, атрымаўшы, хутчэй за ўсё, частку дваранскай крыві. У той час даволі часта ўладары маёнткаў карысталіся правам першай шлюбнай ночы і таму зразумела ўвага, якую памешчык Бондыраў звяртаў на свайго прыгоннага. Таксама зразумела, што сялянскі сын не мог адразу выявіць свае літаратурныя здольнасці, як дзеці вольных бацькоў, напрыклад у гімназіі. Але ўпартая цяга да ведаў, знаёмства з літаратурным жыццём Пецярбурга, вольны час перад і пасля вучобы ў Горы-Горацкім інстытуце-сталі спрыяльным фонам для стварэння шэдэўраў беларускай паэзіі XIX ст.
Добра працуе на прыналежнасць аўтарства сялянскаму сыну і дакладны час завяршэння паэм – 15 і 7 красавіка. Гэта час, калі прырода ўжо падрыхтавалася да вясны, а дваровыя сялянскія працы не пачаліся. У гэты час добра завяршаць духоўныя справы, каб потым вольна працаваць на хлеб штодзённы.
Перыяд 1855-1860 г.г. – перыяд, калі памёр Мікалай I, рыхтавалася адмена прыгоннага права і яшчэ не была забаронена беларуская мова. Гэта перыяд, калі стала лягчэй дыхаць і менавіта тады вольна ўздыхнуў юнак Вераніцын(Васільеў), стварыўшы шэдэўры беларус-кай паэзіі.
Але апаненты версіі на карысць Вераніцына, могуць заўважыць, што ўсё гэта разважанні, а не новыя факты. Крочым далей.
Падтрымка са Смаленшчыны.
Сапраўды, пры ўсёй унікальнасці працы Г. Кісялёва, пры наяўнасці матэрыялаў прафесара Піятуховіча для літаратуразнаўства вельмі пажадана было б знайсці падцверджанне знаходжання К. Вераніцына ў Маскве пасля заканчэння Горы-Горацкага інстытута, бо менавіта Масква пазначана, як месца напісання паэмы «Два д’яблы».
Мінулым летам пры сустрэчы з Генадзем Васільевічам і быў вызначаны гэты галоўны напрамак пошукаў у біяграфіі нашага земляка. Двухдзённая паездка ў Маскву, пошук магчьшых звестак аб аўтары паэмы ў газетах «Ведомостн Московской городской полнцнн» (№174-185 за 1859 г.), «Московскне губернскне ведомостн» (за 2-е паўгоддзе 1859 г.) засведчылі, што газеты ў той час не друкавалі інфармацыю аб мяшчанах, што наведвалі Маскву. У рэкламных абвестках Вераніцын аб’яў не рабіў. Наведванне Маскоўскага гарадскога архіва падцвердзіла факт, што ў сярэдзіне XIX ст. інфармацыі аб мяшчанах, што прыязджалі ў горад не захавалася.
Але пошукі ў Расійскай Дзяржаўнай бібліятэцы, Дзяржаўнай публічнай гістарычнай бібліятэцы Расіі падштурхнулі да думкі -уважлівей паглядзець на сувязь Вераніцына з Няелавым Дз. Дз., дырэктарам дэпартамента сельскай гаспадаркі міністэрства дзяржаўнай маёмасці.
Аматары тарасазнаўства памятаюць, што ў красавіку 1861 г. менавіта па просьбе Няелава вядомы дзяржаўны дзеяч, актыўны ўдзельнік падрыхтоўкі рэформы 1861 г., намеснік міністраўнутраных спраў М.А. Мілюцін напісаў ліст магілёўскаму губернатару Беклемішаву аб працаўладкаванні кандыдата агранаміі К. Вераніцына. Гэта бачыцца ўнікальным выпадкам, калі ў лёсе простага выпускніка, які толькі паўтара гады назад скончыў вучобу, прымаюць удзел вядомыя асобы Расійскай імперыі. Відавочна, што толькі за ўладальніка выдатных асабістых якасцяў і асабіста знаёмага мог прасіць падтрымкі дырэктар дэпартамента Няелаў.
Праца з першакрыніцамі падцвердзіла, што ўпершыню Няелаў наведаў Гора-Горацкі інстытут з рэвізіяй у жніўні 1861 г. , калі праўшло два гады пасля заканчэння вучобы нашага земляка. Гэты факт сведчыць, што пазнаёміліся яны за межамі інстытута. У трохтомніку-каталага архіўных спраў былога Савецкага Саюза знайшлася інфармацыя, што матэрыялы рода Няелавых захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Смаленскай вобласці, а Дзмітрый Дзмітрыевіч Няелаў быў не толькі дырэктарам дэпартамента, але і літаратарам, сенатарам. Менавіта яму належаць кнігі аб паляпшэнні сельска-гаспадарчай вытворчасці: «Зернесушылка Няелава», «Будова плаціны» і іншыя. Магчыма, агульная сельскагаспадарчая адукаванасць магла садзейнічаць збліжэнню Няелава і Вераніцына. Але для праблемы аўтарства вельмі цікава, што род Няелавых паходзіць з Гжацкага павета Смаленскай губерніі! I Канстанцін Вераніцын, хутчэй за ўсё, пазнаёміўся з Няелавым, калі, а гэта найбольш верагодна, працавў у родных Дзмітрыя Дзмітрыевіча. На жаль, пакуль пошукі ў Смаленскім архіве (дырэктар Падкарытава Н.Р.) станоўчага выніку не далі: у архіве Няелавых звестак пра Вераніцына не знайшлі.
Але тое, што Няелаў паходзіць з усходняй Смаленшчыны, размешчанай вельмі блізка ад Масквы – ўскоснае сведчанне, што наш зямляк пасля вучобы шукаў працу або працаваў недалёка ад Масквы. Менавіта тады ён мог напісаць паэму «Два д’яблы». Вось так у лёсе Вераніцына прынялі непасрэдны ўдзел і намеснік міністра ўнуграных спраў, і дырэктар дэпартамента Расійскай імперыі. Так наш зямляк атрымаў падтрымку з блізкай Смаленшчыны, дзе быў створаны некалі яшчэ адзін шэдэўр беларускай паэзіі – паэма «Энеіда навыварат».
Як люстэрка Адраджэння…
На сёння Канстанцін Вераніцын бачыцца найбольш верагодным аўтарам славутай паэмы, і менавіта ў яго лёсе, як у люстэрку, адлюстраваліся праблемы нашага Адраджэння. Зараз беларусам перш за ўсё не хапае ўпэўненасці ў паўнавартаснасці роднай культуры, яе жыццяздольнасці, адпаведнасці сусветнаму ўзроўню. Адсюль і пастаянны лямант, што гіне мова, нас не разумеюць, а роднае слова чуваць толькі ў культурніцкім асяродку. Але значна цяжэй было Вераніцыну, які не меў дастатковых ведаў па гісторыі Бацькаўшчыны, у якога не было кніг Купалы і Багдановіча, Караткевіча і Быкава, Ластоўскага і Ермаловіча, а навакольнае асяроддзе пад час вучобы было расійскамоўным або польскамоўным. I наш паэт, а гэта найбольш верагодна, праз усё жыццё хістаўся паміж роднай моўнай стыхіяй і ўсё мацнейшай і мацнейшай расійшчынай.
Беларускае адраджэнне ў пачатку XX стагоддзя вярнула з забыцця нашы адвечныя сімвалы – бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня», утварыла Беларускую Народную Рэспубліку, стварыла сучасную граматыку -гзта быў узлёт беларускага духа. Канстанцін Вераніцын, прайшоўшы часы самсцвярджэння ў гімназіі, інстытуце, даганяючы сваіх аднагодкаў у вучобе, стаўшы першым студэнтам у земляробчым інстытуце, здолей стварыць літаратурны помнік роднаму слову якое з калысцы было з ім.
Напрыканцы XX стагоддзя вернасць роднаму слову разглядаецца ў Рэспубліцы Беларусь, як нелаяльнасць пануючай уладзе і дзесяткі тысяч работнікаў адукацыі, культуры забыліся пра ўменне карыстацца беларускай мовай. У яшчэ больш складаных умовах было беларускае слова пасля расправы над паўстанцамі Кастуся Каліноўскага, калі яго афіцыйна забаранілі. Наш класік поўнасцю выкарыстаў час пасля мікалаеўскай «адлігі», каб стварыць шэдэўры беларускай паэзіі, але моц расійскіх шавіністаў была непараўнальная з сілай самабытнага песняра, і, не здолеўшы адаптавацца да рускага паэтычнага слова, ён замаўчаў. Як сёння немагчыма пражыць на ганарары ад беларускай паэзіі, так і ў 60-я гада XIX ст. гэта было не толькі немагчыма, але і небяспечна.
Нам сёння вельмі не хапае павагі да сваёй літаратурнай спадчыны, каб моладзь выхоўвала беларускую свядомасць. На літаратурнай мапе Беларусі ўшанаваны толькі найбуйнейшыя зоркі роднага слова: Купала, Колас, Багдановіч, Караткевіч. А дзесяткі, сотні літаратараў з гарадоў і вёсак, мястэчак і селішчаў застаюцца неўшанаванымі, паўзабытымі. Безумоўна, у тарасазнаўстве яшчэ не пастаўлена апошняя кропка, але гэта не перашкаджае беларусам ужо сёння ўшаноўваць памяць, як герояў неўміручай паэмы, так і асобы К. Вераніцына, які меў, як мінімум, непасрэднае дачыненне да распаўсюджвання славутай паэмы. I чым хутчэй мы разгадаем загадкі і рэбусы ў тарасазнаўстве, тым хутчэй будзем людзьмі звацца.
Леанід Гаравы
Ад аўтара. Гэты артыкул быў напісаны ў 1998 годзе, калі з Гарадоцкім краязнаўчым музеем, Гарадоцкім аддзелам адукацыі пры няспыннай падтрымцы нашага славутага зямляка Анатоля Максімавіча Дарафеява ладзілі краязнаўчыя чытанн. У чытаннях прымалі ўдзел выбітныя тарасазнаўцы з Мінску Язэп Янушкевіч, Віталь Скалабан, Валера Стралко і іншыя даследчыкі, а найперш настаўнікі і вучні школ гарадоцкага краю.
Вельмі добра, што зараз эстафету па тарасазнаўству працягвае Антон Францішак Брыль, беларускі перакладчык і паэт, унук Янкі Брыля. Менавіта ён знайшоў некралог Канстанціна Вераніцына ў газеце «Новое время» за 1903 год. Пра абставіны пошука даты смерці К. Вераніцына і сам некралог нашага славутага зямляка Антон Францішак Брыль распавёў у снежаньскім часопісу «Роднага слова» за 2019 год. (тут — http://haradoktour.by У цяперашнім красавіцкім нумары гэтага часопіса змешчаны яго артыкул “Сямейныя сувязі Канстанціна Вераніцына: першыя абрысы”.

( Руская ) На Городокщине провели «Засевки»

( Руская ) Делегация от Городокского района приняла участие в областном патриотическом марафоне «Автопоезд памяти: Беларусь непокорённая»

( Руская ) Районное объединение профсоюзов организовало экскурсию для городокчан в рамках акции «30 дней до Победы».

( Руская ) Места силы Толочинщины: от монастыря до города раннего Средневековья

Выстава гліняных вырабаў “Майстэрства з глыбіні стагоддзяў” адкрылася ў Гарадоцкім Доме рамёстваў і фальклору
6 красавіка ў Гарадоцкім Доме рамёстваў і фальклору адбылася прэзентацыя выставы гліняных вырабаў “Майстэрства з глыбіні стагоддзяў”. Прэзентацыю выставы правяла кіраўніца клуба “Вытокі” Святлана Хамутоўская.
Работы В.І. Татарыса адрозніваюцца ад усіх іншых памерамі. Адметнасцю яго творчасці з’яўляецца не дэкаратыўная апрацоўка, а класічная форма. Яго ўнікальныя вырабы знаходзяцца ў фондах музеяў Масквы, Мінска, Віцебска. Майстар стварыў вялізную калекцыю, паспяхова ўдзельнічаў ва ўсесаюзных конкурсах. Азам рамяства Уладзімір Іосіфавіч вучыўся ў вядомых ганчароў Полацка. Для дэкору выкарыстоўваў простыя палівы, якія падкрэслівалі колер вырабу і пры паўторным абпале надавалі трываласць.
На тэрыторыі Гарадоччыны выкарыстоўвалі простую апрацоўку, без дэкаратыўных элементаў, што надавала ганчарным вырабам практычнасць. Яшчэ адзін від апрацоўкі – малачэнне – апусканне ў тоўстае малако перад абпалам, дзе ў залежнасці ад тэмпературы і часу, колер выраба набываў разнастайныя адценні.
Майстар У.І. Семянкоў вядомы ў нашым краі. У Доме рамёстваў захавалася багатая калекцыя яго ганчарных вырабаў. Напрыклад, спарышы – два збанкі, злучаных адной ручкай, сярод якіх знаходзілася яшчэ і сальніца. Апрацоўваліся яны, як правіла, палівой (глазурай) і ў іх насілі хлебаробам і касцам ежу ў полі.
Супрацоўнічае з Домам рамёстваў і фальклору і ўмелец, вядомы далёка за межамі Беларусі, член клуба “Вытокі” С.В. Шункевіч. Яго экспазіцыі прадстаўляюць разнастайныя керамічныя вырабы: пано, збаны, чыгуны…
Сёння слаўнае рамяство сваіх знакамітых папярэднікаў працягвае малады майстар Ігар Рабцаў. Калекцыя яго прац прадстаўлена ў асноўным элементамі посуду. Класічная форма вырабаў выканана, сценкі збаноў досыць тонкія, малачэнне таксама выкарыстоўваецца аўтарам прац. Пакарыў умелец прысутных і майстар-класам па вырабе збана на ганчарным крузе.
Гліна падуладная і жаночым рукам Кацярыны Шамардзінавай і Анжалікі Шалаевай, якія, працягваючы старадаўнія традыцыі рамяства, больш займаюцца ручной лепкай. На выставе разам з іх работамі прадстаўлена і калекцыя Ірыны Шалаевай: свістулькі, акарыны, цацкі.
Выстава працягнецца да 19 красавіка. Не забудзьце зазірнуць сюды, каб акунуцца ў свет ганчарства, майстэрства з глыбіні стагоддзяў.
Паводле інфармацыі: http://www.garadvest.by