Выяўлены першыя абрысы сямейных сувязяў Канстанціна Вераніцына

Даследчык біяграфіі Канстанціна Вераніцына Антон Францішак Брыль апублікаваў артыкул пра сямейныя сувязі нашага славутага зямляка у красавіцкім нумары часопісу “Роднае слова”.

Раней мы пісалі, што Антон Брыль,  беларускі перакладчык і паэт, унук Янкі Брыля,  ў верасні 2019 знайшоў некралог Канстанціна Вераніцына ў газеце «Новое время» за 1903 год. Пра абставіны пошука даты смерці К. Вераніцына і сам некралог нашага славутага зямляка Антон Францішак Брыль распавёў у снежаньскім часопісу «Роднага слова» за 2019 год такім чынам.

Апошнія два гады даследчык працягваў інтэнсіўную працу па вывучэнню сувязяў К. Вераніцына і паведаміў пра свае знаходкі ў навуковым артыкуле “Сямейныя сувязі Канстанціна Вераніцына:  першыя абрысы”.

Вынікам даследаванняў Антона Брыля стала адкрыццё імя роднага брата Канстанціна  — Івана Вераніцына і яго дзяцей , а таксама сястры (імя яшчэ не выяўлена), у якой былі дзеці.

У артыкуле пра гэта напісана так: “Іван Васілевіч Вераніцын, бацька Фёдара і Яўгеніі, быў вучнем вольнага наведвання Акадэміі мастацтваў і ў 1855 г. атрымаў званне ня класнага мастака з правам “выконваць будынкі” . У лісце ад 4 лютага 1853 г. знакаміты архітэктар Канстанцін Тон просіць прызначыць Івану Вераніцыну, які на той час правучыўся ў Акадэміі два гады і паказваў “асаблівыя поспехі” ў архітэктуры, стыпендыю па беднасці, каб ён змог скончыць неабходны курс. Пазнака на лісце паведамляе, што хадайніцтва было задаволенае. У сакавіку 1860 г. пра Івана Вераніцына згадвае яго сябар мастак Іван Трутнеў у лісце да мецэната Паўла Траццякова: Іван Васілевіч на той час нядаўна пасяліўся ў Маскве і працаваў архітэктарам у французскай кампаніі чыгунак. Праз год, у сакавіку 1861 г., Іван Вераніцын зноў жыў у Пецярбургу і спрабаваў уладкавацца ў Міністэрства народнай асветы. З ліставання па гэтым пытанні відаць што метрычнае пасведчанне (на жаль, адсутнае ў справе) Івану Васілевічу выдавала Полацкая духоўная кансісторыя і што да паступлення ў акадэмію ён быў мешчанінам Гарадка ў Віцебскай губерні. Знаходзім яго і ў адраснай кнізе Пецярбурга за 1867–1868 гг. , а ў 1878 г. бачым сярод землеўладальнікаў Полацкага павета: яму належыць маёнтак Старыя Гараны. Таксама і ў 1901 г. уладальнікам гэтага маёнтка названы архітэктар Іван Васілевіч Вераніцын, а яго павераным выступае Фёдар Іванавіч Вераніцын . Памёр Іван Васілевіч у 1903 г. – пра гэта праз шмат гадоў паведамляе ў анкеце яго сын [9, арк. 3]”.

Антон Брыль знайшоў і інфармацыю і пра пляменнікаў Канстанціна Вераніцына. Так сын брата, следчы Фёдар Іванавіч Вераніцын, найбольш вядомы як удзельнік надзвычайнай камісіі, якая ў 1917 г. па даручэнні Часовага ўрада расследавала супрацьзаконныя дзеянні найвышэйшых службовых асобаў у справе Бэйліса. Апроч шматлікіх згадак пра Фёдара Іванавіча ў памятных кніжках (паслужыў ён, між іншым, і ў Віцебскай губерні) захаваліся таксама звесткі ў архівах Санкт­Пецярбурга, у тым ліку працоўныя анкеты 1944 г.. Анкеты паведамляюць, што Фёдар Іванавіч нарадзіўся 8 чэрвеня 1869 г. у сям’і Івана Васілевіча і Ганны Восіпаўны Вераніцыных і што яго сын Георгій эміграваў у Бялград і сувязь з ім страчаная. Гэты сын, Георгій (Юрый) Фёдаравіч Вераніцын, – таксама цікавая фігура, рускі белаэмігранцкі паэт, удзельнік літаратурнага гуртка “Гамаюн”.

З усяго гэтага даследчык робіць выснову: “выглядае, што Іван Вераніцын быў братам Канстанціна і што ў іх была невядомая пакуль па імені сястра, маці Канстанціна Гуцэвіча. Усе трое атрымалі волю яшчэ да адмены прыгону (у выпадку сястры пра гэта кажа дата нараджэння яе сына ў спалучэнні з сацыяльным статусам мужа).

Новыя звесткі змушаюць па­новаму ўявіць жыццё Канстанціна Вераніцына. У Пецярбургу ў 1852– 1854 гг. ён вучыўся адначасова з братам і стасаваўся, імаверна, з яго сябрамі­мастакамі. Месца і час напісання паэмы “Два д’яўлы”, пазначаныя ў сшытках А. Рыпінскага (Масква, 7 красавіка 1860 г.), атрымоўваюць простае тлумачэнне: Канстанцін мог завітаць на Вялікдзень да Івана, які акурат тады працаваў у Маскве. Старасць Канстанціна і Лізаветы Вераніцыных прайшла ў атачэнні мноства сваякоў, сярод якіх былі добра адукаваныя людзі: з’яўляюцца новыя накірункі для пошуку лістоў ці дзённікаў, дзе мог быць згаданы наш герой.”

Таксама Антон Брыль робіць выснову: “ калі вольную Канстанціну ад паноў Бондыравых і іх далейшы клопат пра яго адукацыю можна было б патлумачыць сентыментальным дбаннем пра вясковыя таленты, то выпуск на волю адразу траіх дзяцей дае новую моц даўно агучанай здагадцы [1, с. 540]: Вераніцыны, цалкам магчыма, былі пазашлюбнымі дзецьмі Васіля Бондырава.”

Сёння мусіць не магчыма знайсці парэшткі цела Канстанціна Вераніцына, каб зрабіць генетычную экспертызу з нашчадкамі памешчыка Васіля Бондарава, да якіх належыць вядомы дзеяч Расіі Артур Чылінгараў. Але аналіз маючых фактаў пра Вераніцыных дае высокую верагоднасць таго, што яны былі пазашлюбнымі дзецьмі памешчыка Васіля Бондарава.

Будзем спадзявацца, што сучасныя падыходы Антона Брыля па даследаванню сямейных сувязяў Канстанціна Вераніцына дадуць плён. Або іншыя даследчыкі нашай спадчыны зацікавяцца гэтай тэмай.

Нам жа трэба лепш ведаць гісторыю адкрыцця імя К. Вераніцына. Ведаць дзейнасць яго “хроснага бацькі” Генаддзя Кісялёва, без якога у нас не было бы мемарыялізацыі паэмы “Тарас на Парнасе”. Ведаць дзейнасць Анатоля Дарафеява без якога не было бы мемарыяльных знакаў каля музея ды і “Гарадоцкага Парнасу”. Мець удзячнасьць да кіраўнікоў супрацоўнікаў музея, якія былі ў вытокаў літаратурна-краязнаўчых чытанняў у 1997 годзе і г.д.

Леанід Гаравы

Артыкул А. Ф. Брыля тут: veranicsemija